НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.Ф.Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)